«Зоркапад» для тэатралаў

У Брэсце гастраліруе Купалаўскi тэатр

У жыхароў Брэста час ад часу з’яўляецца магчымасць сустрэчы са знакамітым тэатрам у фестывальнай праграме «Белай Вежы». Значна радзей надараюцца сапраўдныя гастролі, як сёлета. З 13 да 18 ліпеня ў Брэсце гастраліруе Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. На сцэне Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы будуць паказаны шэсць разнапланавых спектакляў з рэпертуару купалаўцаў. Гастрольная афіша абяцае і зорныя імёны, і пастаноўкі, якія мелі аглушальны поспех у тэатральным асяроддзі.

Найстарэйшы тэатр краіны зараз перажывае перыяд змен і абнаўлення – і не толькі ў творчасці. Артысты вымушаны пакінуць «родны дом» і часова перайсці на новыя тэатральныя пляцоўкі. Будынку тэатра, які справядліва лічыцца адным з найпрыгажэйшых у Мінску, ужо больш за 120 гадоў. Ён быў узведзены ў цэнтры сталіцы ў 1890 годзе па праекце архітэктара Казлоўскага. Але ў час рэканструкцыі, распачатай у 60-я гады мінулага стагоддзя, тэатр змяніў аблічча. Рэканструкцыя, якая пачынаецца ў гэтым годзе, мае на мэце вярнуць будынку аўтэнтычнасць і разам з тым стварыць умовы для нармальнага функцыянавання складанага механізма тэатра разам са шматлікімі дапаможнымі цэхамі. Пакуль што пастаноўкі будуць ажыццяўляцца пераважна на сцэне Цэнтральнага дома афіцэраў і Палаца прафсаюзаў. Знакаміты калектыў спадзяецца, што тэатральны сезон 2012-2013 гадоў ён пачне ў звыклых сценах.

Тры гады таму тэатр узначаліў новы мастацкі кіраўнік – вядомы рэжысёр Мікалай Пінігін, які дадаў да найбагацейшых традыцый сваю эстэтыку. Яго спектакль «Вячэра з прыдуркам», дарэчы, будзе паказаны ў Брэсце.

Чым увогуле вызначаецца выбар спектакляў для гастрольнай афішы? На гэта пытанне карэспандэнту «Вечернего Бреста» адказала рэдактар літаратурнай часткі тэатра Дыяна Даражок:

- Мы абяцаем брастаўчанам цалкам пазітыўны настрой. Летам надта «сур’ёзныя» спектаклі глыбокага філасофскага зместу будуць выглядаць трохі натужліва. Вядома, прывязём «Паўлінку» (глядзіце ў пятніцу, 15 ліпеня), якая даўно стала візітнай карткай тэатра. Гэта той спектакль, які заўсёды збірае поўную залу. Ён мае за сабой шлейф традыцый і легенд, на ім вырасталі і сталелі акцёры. Гэта можна параўнаць з сямейным фотаальбомам, які заўсёды адкрываеш з душэўным узрушэннем. На маю думку, «Паўлінку» павінен паглядзець кожны беларус. Ствараўся спектакль яшчэ ў 1943 годзе, калі не было такіх магчымасцей сцэнаграфіі, музычнага і светлавога афармлення. Таму ў планах тэатра – абнаўленне гэтага спектакля. Безумоўна, не будзе правіцца тэкст Янкі Купалы, як і рэжысура Льва Літвінава. Але з’явяцца новыя, больш тонкія  хады, сцэнаграфія і касцюмы.

Вельмі раю паглядзець спектакль «Пінская шляхта» (ён будзе паказаны двойчы, 13 і 17 ліпеня). Гледачы пераканаюцца, што ім прапануецца не класічны Дунін-Марцінкевіч, а вольны, авангардысцкі погляд на вядомы твор. Будзе весела і фрывольна. Разам з тым патрабавальны глядач знойдзе там глыбокі падтэкст: у беларусаў ёсць свая гісторыя і свая годнасць. Дарэчы, у пастаноўцы заняты адзін з вядучых купалаўскіх артыстаў Віктар Манаеў. Ды і ўвогуле моцны акцёрскі ансамбль прынясе асалоду.

«Каханне ў стылі барока» (14 ліпеня) – гэта лёгкая і цікавая камедыя, якая падорыць шмат станоўчых эмоцый. У спектаклі многа музыкі і спеваў (на розных мовах).

Узнёслы, рамантычны настрой дасць гледачам і спектакль «Чорная панна Нясвіжа» (16 ліпеня). Гэта містычная легенда аб любові, якая людзей старэйшых навядзе на ўспаміны пра найлепшыя ў жыцці хвіліны, а моладзь – на мары аб чыстым і ўзнёслым каханні. Пастаноўка багата касцюміраваная і яскравая.

Спектакль «Вячэра з прыдуркам» (19 ліпеня) пастаўлены Мікалаем Пінігіным па п’есе сусветна вядомага драматурга Франсіса Вебера. У галоўных ролях заняты два вядучыя акцёры тэатра – Віктар Манаеў і Сяргей Журавель.

На самы «нестандартны» спектакль з прапануемых – «Офіс» (18 ліпеня) – мы хацелі б звярнуць увагу найперш моладзі. Ён лічыцца найлепшым спектаклем, створаным тэатрам у 2010 годзе, і адным з самых прыкметных, пастаўленых на малой сцэне. Гледачу прапануецца паразважаць пра існаванне ў чалавечым мурашніку, дзе трагічнае часам хаваецца за камічным. У абсурдысцкай п’есе, пастаўленай маладым рэжысёрам Кацярынай Аверкавай, ёсць усё – надзвычайны тэмп, вастрыня пачуццяў, рэзкасць рухаў. У пастаноўцы занятыя пяць маладых акцёраў трупы.

«Мы спадзяёмся, – заўважыла Дыяна Даражок, – што нашы сустрэчы з брэсцкім гледачом будуць змястоўнымі і цікавымі як для яго, так і для тэатра».

Вечерний Брест

About the Author