
Пiнскi рэгiён на чарговым канцэрце «Рух зямлi» ў абласным грамадска-культурным цэнтры прадставiў на дзiва цiкавы i непаўторны абрад «Ваджэнне куста». Такi старадаўнi звычай сапраўды мог захавацца толькi ў глыбiнцы Палесся. Крыху патрыярхальнай i загадкавай, як само жыццё.
Тут на Сёмуху ўпрыгожваюць зялёнымi галiнкамi «куст», ролю якога выконвае дзяўчына цi маладая жанчына. З ёю ходзяць па вёсцы i спяваюць песнi, атрымлiваюць за гэта пачастункi. Але абрад мае больш глыбокi сэнс і сягае сваiмi каранямi ў сiвую даўнiну.
Некаторыя даследчыкi лiчаць, што ў палескай традыцыі «Ваджэнне куста» захавалiся рэшткi яшчэ дахрысцiянскага светапогляду, паводле якога сусвет падзяляўся на «гэты» i «той» свет. У час святаў яны нiбыта аб`ядноўвалiся, а дапамагалi гэта ажыццявіць пераапранутыя персанажы. Але з часам абрад амаль паўсюдна набыў шлюбную накiраванасць.
Пажылыя жанчыны з Жоўкiнскага дома фальклору наогул першы раз прыехалi выступаць перад брэсцкай публiкай, таму вельмi хвалявалiся. Але прызвычаiлiся хутка, i дапамаглi ім у гэтым «куставыя» песнi. Артысты хутка выбралi маладую Ганначку, упрыгожылі і аблюбавалi – выглядае шыкоўна! Цяпер можа падацца, што гэта проста забава, але даўней традыцыя мела для селянiна вялiкi сэнс. Бо «дэ куст ходыть, там пшыныця родыть».
Потым «прывялi куста з зялёнага клёну» выдатным выкананнем абрадавых песень удзельнiкi фальклорнага гурта Парэчскага цэнтральнага сельскага дома культуры. Іх выступленне таксама было дэбютным у абласным цэнтры. А для самай «маладзейшай» спявачкі, Нiны Васiльеўны Фiсюк, стала сапраўднай падзеяй. Здавалася, што свае 87 гадоў паляшучка недзе пакiнула, а прывезла самае галоўнае – запал і выдатны голас. «Ой, гаем, гаем зэлэнэнькым» гучала з яе вуснаў заліхвацка. Надта спадабаўся гледачам i яе просты самабытны касцюм. А галаўны ўбор дык i наогул любата! Народны фальклорны гурт «Багатуха» Каменскага СДК больш знаёмы гледачам, ды і склад маладзейшы. Звiнеў гармонiк i грымеў на ўсю моц бубен, асаблiва падчас прыпевак.
Пасля стараннага ўпрыгожання куста святочны карагод накiраваўся «па вёсцы» – ад гаспадара да гаспадара з пажаданнямi шчасця i здароўя.
Напачатку выступлення дэманстраваўся фiльм, здымкі якога рабілі непасрэдна ў глыбінцы. Было бачна, што абрад жывы, а не проста сцэнiчная распрацоўка. Напярэдаднi свята двары i хаты ўпрыгожвалi зялёнымi галiнкамi, утыкалi бярозкi. Падлогу мылi i засцiлалi аерам, што стварала прыемны пах. У царкву таксама iшлi з зялёнымi галiнкамi ў руках. Потым гэтая зелянiна служыла селянiну i засцярогай, i лекамi. Дзяўчаты па ёй варажылi на замужжа. У некаторых вёсках усё гэта адбываецца і зараз.
Час жа рухаецца наперад, i не за гарамi вялiкае народнае свята Купалле. Яго плануецца адзначыць не менш шырока. Пакуль жа ў АГКЦ праходзіць экспазіцыя народнай творчасці ўдзельнікаў гуртоў і майстроў Аснежыцкага дома рамёстваў. Прадстаўленыя тут рушнікі прызнаны нядаўна лепшымі беларускімі сувенірамі. Варта паглядзець хоць адным вокам!
Пра абрад «Ваджэнне куста» згадваецца яшчэ ў летапісах XII стагоддзя. Упрыгожванне зялёнымі галінкамі «куста» (дзяўчыны, маладой жанчыны) і абход двароў вяскоўцаў мелi глыбокі сэнс. У абрадавых песнях славілі гаспадароў, іх дзяцей, жадалі здароўя і багатага ўраджаю. Фота Сяргея Мошчыка.





