«Што там робыцца ў мацівскай хаце?»

Апусцелы дом у Залессі Кобрынскага раёна стаў цэнтрам цікавага жыцця

У тры ахопы пень вяза пад акном… Зорачка на сцяне… Гэту хату тут называюць «мацівскай», бо гаспадыня яе пайшла замуж у Залессе з вёскі Мацы. З цягам часу сядзіба асірацела. Гарадскія спадчыннікі нячаста могуць сюды наязджаць. Але сёлета жыхары вёсачкі не раз пыталіся адзін у аднаго: «Што там робыцца ў гэтай мацівскай хаце?»

З пачатку лета тут пачало віраваць нейкае непрывычнае жыццё. Спачатку на некалькі дзён пасяліліся людзі з відэакамерамі і фотаапаратамі. Яны заходзілі ў двары і запісвалі ўспаміны старажылаў пра мінулае, цікавіліся рэцэптамі прыгатавання папулярных страў, такіх як, напрыклад, «струцэнь», прасілі заспяваць песні, што запомніліся ад продкаў.

Следам за даследчыкамі даўніны прыехаў тузін хлопцаў і дзяўчат, сярод якіх былі і грамадзяне Польшчы. Яны ездзілі па ўсім Кобрынскім раёне, збіраючы старадаўнія песні, і вярталіся ў Залессе толькі для начлегу.

І вось 20 жніўня – новая з’ява. Зранку тут спыніўся мікрааўтобус, з яго нетраў пачалі выцягваць лавы з надпісам «Праект «Вёска, якая не павінна знікнуць». На сцяне хаты з’явіўся плакат. Ён паведамляў, што грамадскае аб’яднанне аматараў мастацтва «Тур» запрашае на майстар-класы па выцінанцы, роспісе на шкле, пляценні паясоў, разьбярстве, прыгатаванні традыцыйных страў.

Звярталася ўвага на тое, што мерапрыемства праводзіцца пры фінансавай падтрымцы нямецкага фонда «Памяць, адказнасць і будучыня» сумесна з міжнародным грамадскім аб’яднаннем «Узаемаразуменне» ў рамках праграмы «Месца сустрэчы – дыялог».

Хутка двор напоўніўся галасамі дзятвы з Рынкаўскай сярэдняй школы. Дзецям прапанавалі разбіцца на групы і выбраць сабе занятак па густу: выцінанку, роспіс на шкле, выраб драўляных буслікаў… Перад многімі шкалярамі паўстала праблема, якому гуртку аддаць перавагу: хацелася адначасова паспрабаваць усё. Арганізатары майстар-класаў супакоілі: «Так і будзе. Потым памяняецеся месцамі». «Выцінаншчыкі» ўзброіліся нажнічкамі і акружылі педагога Ніну Міхайлаву. Вучняў Марыі Кулецкай запрасілі… у камору. Папярэдне адтуль вынеслі лішнія рэчы, і звычайная кладоўка ператварылася ў філіял музея этнаграфіі з куфэркамі на падлозе, кухонным начыннем на паліцах і сялянскімі працоўнымі прыладамі на сценах.

Дрэваапрацоўшчыкі займаліся на вольным паветры. Народны майстар РБ Уладзімір Чыквін з прыгаворкамі і жартамі добрага казачніка даставаў з торбы інструменты і загатоўкі з дрэва для вырабу «буслікаў». Адначасна вучыў, як трэба трымаць нож, як яго падаваць, калі папросяць, нават як правільна вастрыць алоўкі.

Дзеці пакуль што не ведаюць, якія знакамітыя людзі выкладаюць ім азы традыцыйных народных рамёстваў. Ім проста цікава. Дзіўная рэч, нікому не прыйшло ў галаву дурэць, шумець. Аказваецца, уважлівыя паслухмяныя дзеці бываюць не толькі ў кніжках. Вось што значыць, калі маленькаму чалавеку прапануюць цікавы стваральны занятак!

Агульнай засяроджанасці спрыяла і тое, што побач працавалі дарослыя майстры. Вячаслаў Дароцька рабіў лыжкі, а мясцовы ўмелец Аляксандр Гасцееў, з якім члены аб’яднання «Тур» пазнаёміліся літаральна ў час праекта, – драўляныя лапаткі для патэльні ў выглядзе рыб. Рэзчык Анатоль Туркоў шчыраваў над кавалкам бервяна, які паступова набываў абрысы анёла.

Не міналі гэтай імпрэзы і мясцовыя жыхары. Яны цікавіліся, чым займаюцца дзеці, падсеўшы на лавачкі да майстроў, дзяліліся сваімі рамесніцкімі сакрэтамі, успаміналі мінулае.

Не мінула і трох гадзін, як кожны вучань трымаў у руках уласныя творы з паперы, шкла і дрэва. Салодкі стол. Агульны здымак на памяць са сваімі педагогамі. Непрытоеная радасць на тварах, калі кіраўнік праекта паведамляе: «Мы не развітваемся з вамі, нашы юныя сябры! Хутка тут будзе праходзіць пленэр мастакоў, і вы можаце памаляваць побач з дарослымі, павучыцца ў іх. А ў канцы верасня за клуняй адбудзецца этнаграфічны канцэрт. Там не толькі можна будзе пачуць старыя песні, але і навучыцца танцаваць падэспань, кракавяк і ойру».

Пусцее старая хата. Але не надоўга.

Вечерний Брест

About the Author