На Вадохрышча ў Тэльмінскім СДК Брэсцкага раёна ўпершыню пройдзе вулічнае свята, прысвечанае Калядам і Шчадроўкам. Для большай відовішчнасці запланавана выступленне фальклорных калектываў, варожбы і нават агнявое шоу.
Свята пачнецца надвячоркам 19 студзеня з тэатралізаванага прадстаўлення работнікаў мясцовага Дома культуры «Святло вечнай зоркі», потым да іх далучацца фальклорныя калектывы з Астрамечава, Клейнікаў, Ляплёўкі, Гуты. Прывеціць удзельнікаў свята настаяцель храма ў Косічах айцец Аляксандр. Будуць гучаць як узвышаныя канты на рэлігійныя тэмы, так і жарты. Народныя абрады артысты імкнуцца максімальна наблізіць да традыцыйна беларускіх, зразумела ж, з мясцовым каларытам.





